Шчучын
14 верасня 2025 года мы адправіліся на экскурсію «Шчучыншчына» по маршруту: Мураванка – Ішчална – Тарнава – Шчучын – Старыя Васілішкі.
Падарожнік, які праязджае па рэканструяванай і незвычайна папрыгажэўшай Гродзенскай шашы М6, часцяком і не падазравае, якія сюрпрызы зберагла для яго дарога! Але варта толькі звярнуць з шашы дзе-небуць каля аграгарадка Мажэйкава – і ўсяго праз некалькі хвілін, сярод сціплага сельскага пейзажу, на вачах вырастаюць адзін за адным цудоўныя помнікі архітэктуры Беларусі. Гэта і знакамітая царква-крэпасць ў Мураванцы, вядомая цяпер як царква Раства Багародзіцы. А ад Мураванкі дарогі правядуць нас праз старадаўнія паселішчы, напоўненыя сапраўднымі гістарычнымі скарбамі, назвы якіх гучаць як песня… Адным словам – Шчучыншчына!
Царква ў МУРАВАНЦЫ (1516 г.), амаль квадратная ў плане, пакрытая высокім чарапічным дахам, завершана паўкруглым алтаром. Па кутах яе падымаюцца чатыры цыліндрычныя абарончыя вежы, усярэдзіне якіх перш размяшчаліся вітыя лесвіцы. Яны выводзілі да памяшкання пад дахам, дзе знаходзілася баявая галерэя. Гэтым каменным сценам зусім хутка споўніцца паўтысячагоддзя, а яны і сёння здаюцца нязломнымі…
Траецкі касцёл (1785 г.) у ІШЧАЛНЕ хоць і з’яўляецца па часе збудавання помнікам позняга барока, але вонкава гэта выяўлена ў ім вельмі стрымана нават на галоўным фасадзе, не кажучы ўжо пра аскетычнасць бакавых.
У мястэчку Тарнава ёсць сядзіба Грабоўскіх-Маўрасаў. У розныя часы мястэчкам і сядзібай валодалі розныя гаспадары. Апошнімі ўладальнікамі быў род Маўрасаў. Генерал-лейтэнант Дзмітрый Маўрас набыў сядзібу ў 1860-х гадах і пабудаваў тут каменны палац, капліцу, млын, бровар і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Да нашага часу сядзіба захавалася часткова. У двухпавярховым палацы зараз знаходзяцца жылыя кватэры.
ШЧУЧЫН вядомы з 1537 года як прыватнаўласніцкае мястэчка. У 1718 годзе тут быў заснаваны манастыр піяраў, пры якім праз восем гадоў адкрылі школу, або калегію. З часам яна, нібы «по щучьему веленью», стала адной з найбуйнейшых сярод ёй падобных у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе!
Завяршаюць маршрут СТАРЫЯ ВАСІЛІШКІ. Патрапіўшы сюды, з вялізным здзіўленнем адкрываеш для сябе яе гонар – касцёл Св. Пятра і Паўла. Гэты цудоўны архітэктурны манумент – сапраўды гатычная скульптура! Збудаваў яе ў 1903 годзе вядомы польскі архітэктар Канстанцін Вайцяхоўскі. Храм-карабель ганарліва ідзе пад распушчанымі ветразямі дзвюх трох’ярусных вежаў. Гэтая гульня ліній, гэтае трапятанне камення пераходзяць на бакавыя фасады — і захопліваюць гледача сваёй брутальнай дынамікай. Палымяная чырвоная цэгла змяняецца ў інтэр’еры светлай тынкоўкай, пакрытай арнаментальнымі роспісамі. Унутраная прастора храма — адзіны цэласны ансамбль: архітэктура, скульптура, жывапіс, разьба па дрэве, чаканка, вітраж сышліся тут у сваім старанні матэрыялізаваць хрысціянскую ідэю сродкамі гатычнай эстэтыкі… Пры ўваходзе ў касцёл ўстаноўлена мемарыяльная пліта з надпісам: «Чэслаў Немэн (Выджыцкі). Нарадзіўся ў Ст. Васілішках, памёр у Варшаве. Вялікі артыст, знакаміты спявак, вакаліст пакаленняў, інструменталіст, кампазітар. У Старых Васілішках ў 2011 годзе створаны клуб-музей Чэслава Немана ў сценах дома, у якім ён нарадзіўся.
Гэта быў цудоўны, насычаны дзень, поўны эмоцый і ўражанняў! Экскурсія дазволіла даведацца шмат цікавага, убачыць шмат патаемных куткоў.






















