Экскурсія «Да Усяслава Чарадзея»
27 чэрвеня 2021 г. прафкамам работнікаў БДПУ была арганізавана экскурсія з Глебам Лабадзенкам «Да Усяслава Чарадзея» па маршруту: Святая гара – Волма – Вялікія Навасёлкі – Юцкі – Гарадзішча – музей-сядзіба “Стары Менск.”
Дарога прывяла нас да СВЯТОЙ ГАРЫ — самай высокай кропкі Беларусі. У ВОЛМЕ ўбачылі сядзібу Ваньковічаў: сядзібны дом ХІХ ст., збудаваны ў стылі класіцызму, і афіцыну.
Пазнаёміліся з сядзібай Кастравіцкіх ў ВЯЛІКІХ НАВАСЁЛКАХ і даведаліся пра знакамітых людзей гэтага роду. Затым заехалі ў ЮЦКІ — помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Юцкоўскія крыніцы» — вельмі прыгожы ледніковы каньён, месца масавага паломніцтва па чыстую і гаючую ваду.
А скончылі экскурсію ля вытокаў летапіснага Менска — на рацэ Менцы пад велічнымі валамі гарадзішча ХІ стагоддзя ў аднаіменным пасяленні ГАРАДЗІШЧА. Валы Гарадзішча добра захаваліся, з іх вышыні (а гэта 9-ці павярховага дому вышыня!) можна сабе ўявіць ход той бітвы! А ўнікальныя артэфакты Х-ХІ стагоддзяў (знаходкі археалагічных раскопаў) зрабілі жыцце людзей таго часу больш зразумелым. У Гарадзішчы пад старадаўнімі валамі знаходзіцца і каларытная сядзіба-музей «СТАРЫ МЕНСК». Пад аповед экскурсавода жыцце людзей таго часу стала больш зразумелым, можна было ўявіць сабе падзеі тысячагадовай даўніны і зразумець, што Мінск меў слаўны шлях.
Экскурсійная паездка прадаставіла унікальную магчымасць яшчэ раз сустрэцца з гісторыяй станаўлення і развіцця горада Мінска. Нават невялікі дожджык не сапсаваў мора пазітыўных эмоцый і ўражанняў.




