22 мая мы адправіліся на экскурсію » Чароўны ліхтар Ашмян» па маршруту: Ашмяны – Жупраны – Кушляны – Жодзішкі – возера Свір – Міхалішкі.
АШМЯНЫ – былая вялікакняжацкая рэзідэнцыя, а таксама сталіца некалі самага вялікага ў ВКЛ цуда-павета. Землі Ашмянскага павета – найважнейшая частка створанай у 1920 годзе ўраджэнцам Ашмян Люцыянам Жалігоўскім. З ХVI стагоддзя былая Рынкавая плошча збірала вакол сябе найбольш прадстаўнічую забудову павятовага цэнтра. Сярод яе вылучаюцца дзве святыні: стройны, высакарослы касцёл і царква. Ну а тутэйшую сінагогу з маляўнічым трохступеністым дахам і рэшткамі ранейшага багатага ўнутранага ўбрання зараз абараняе з густам аформлены мясцовы краязнаўчы музей, у якім мы і завяршылі шпацыр па старадаўніх вулачках Ашмян.
Ну, а далей «ліхтар» азарыў на нашым маршруце сваім чароўным святлом выяву Францішка Багушэвіча на месцы вечнага спачыну (ЖУПРАНЫ). У 1900 годзе паэта адпявалі ў сценах Петра-Паўлаўскага касцёла, вогненна-чырвоны гатычны сілуэт якога велічна ўзнімаецца над былым мястэчкам. Прах песняра знаходзіцца побач, на могілках.
Потым экскурсія працягнулася ў чароўным кутку сельскіх пейзажаў – маёнтку Францішка Багушэвіча ў КУШЛЯНАХ, у доме-музеі паэта, дзе захавалася драўляная сядзібная хата (1896) і каменная стайня.
Далей мы праехалі праз палі найцяжэйшых бітваў Першай сусветнай і апынемся ў ЖОДЗІШКАХ, на берагах Віліі, якія расказалі нам няпростую гісторыю прыходу да нас у XVI ст. ідэй еўрапейскай Рэфармацыі, а галасы кальвіністаў можна пачуць і сёння ў тамтэйшым касцёле. Ды акрамя таго, выйшаў тут напаказ для заезджага госця адзіны ў Беларусі дзеючы вадяны млын, пабудаваны ў 1781 годзе.
Возера СВІР і сам пасёлак Свір трэба сапраўды абыходзіць з чароўным ліхтаром, бо тут і чароўныя пейзажы, і някідкія ў сваёй прыгажосці помнікі, і захапляльная дух панарама з вяршыні старажытнага гарадзішча (гары ДАЎМОНТА) на наваколлі, азёры і пералескі… А яно памятае Стэфана Баторыя, і забойцу «караля Літвы» Міндоўга – мяцежнага князя Даўмонта, які стаў пасля … святым верным князем Цімафеем у Пскове, чыю памяць там шануюць дагэтуль!
І вось, нарэшце, МІХАЛІШКІ… Дзе прадставілася нам ва ўсёй яго нагоды «сармацкае барока» з ашаламляльна-супярэчлівым абліччам звонку і ўсярэдзіне касцёла Св. Міхала. Гэтая песня прагучыць ужо на берагах Віліі, што аб’ядноўвае сёння дзве дзяржавы – Беларусь і Літву, якія пяць з лішнім стагоддзяў знаходзіліся ў адной дзяржаве – ВКЛ…
Дзень атрымаўся дастаткова насычаным, усе атрымалі незабыўныя ўражанні ад экскурсіі і пазітыўны зарад энергіі надоўга.




